dw l rgb whitebg Deutsche Welle

«Усвядоміць час і сябе» — спектакль «Ордэн Белай Мышы» тры дні збіраў поўныя залы ў Варшаве

Пастаноўка са Святланай Зелянкоўскай і Ігарам Сіговым расказвае пра надзённае беларусаў алюзіямі і заснаванымі на рэальных падзеях маналогамі. DW пабывала на прэм’еры спектакля ў Варшаве.Прэм’ера пастаноўкі «Ордэн Белай Мышы» паводле кнігі Уладзіміра Арлова адбылася ў Варшаве, і з 1 да 3 лістапада праходзіла пры поўных залах. Вядомыя беларускія акторы падзяліліся ў новым спектаклі асабістымі гісторыямі. Падрабязней пра гэта — у DW.

Бюджэт пастаноўкі — крыху больш за тры тысячы еўраў

Сцэна з шэрым пацёртым лінолеумам, да сцен рассунутае канцэртнае абсталяванне, гледачы сядзяць на цвёрдых пластыкавах крэслах — новы беларускі спектакль «Ордэн Белай Мышы» меў прэм’еру ў варшаўскім клубе Scena Chmielna, не вельмі для тэатру прыдатным.

Перад уваходам у залю выдавец Яраслаў Іванюк прадае кнігі Уладзіміра Арлова, у тым ліку «Ордэн Белай Мышы» — казку-прытчу, якая лягла ў аснову пастаноўкі. Тут жа можна папрасіць самога аўтара падпісаць набыты асобнік: Уладзімір Арлоў ва ўрачыстай зялёнай бабачцы хавае ў торбе кветкі на час апладысментаў.

«Ордэн Белай Мышы» паставіў Уладзімір Ушакоў, які ў Менску кіраваў Сучасным мастацкім тэатрам, пасля 2020 года працягваў дзейнасць у Кіеве, а сёння жыве і працуе ў Хельсінкі. Падзеі ўвасобленай на сцэне гісторыі адбываюцца ў «канстытуцыйнай манархіі», у ёй кароль хоча ўганараваць пісьменніка найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай — Ордэнам Белай Мышы, а той усяляк намагаецца адмовіцца ад такой пашаны.

Грошы на спектакль збіраліся праз краўдфандынг, і па выніку бюджэт пастаноўкі склаў крыху больш за тры тысячы еўраў. Абмежаваныя фінансы абумовілі і пляцоўку, і танны рэквізіт, змайстраваны пераважна з дрэва і паперы.

Асабістыя гісторыі актораў

«Большай часткай працы і фарміравання п’есы была чытка онлайн, рэпетыцый было толькі два тыдні, гэта вельмі мала для мяне», — кажа рэжысёр Уладзімір Ушакоў. Форма чыткі стала асноўнай і ў спектаклі: выканальнікі роляў Святлана Зелянкоўская, Ігар Сігоў, Андрэй Бардухаеў-Арол і дэбютантка на сцэне Дзіяна Балыка чытаюць антыўтопію Уладзіміра Арлова, а між тым расказваюць свае асабістыя гісторыі.

Драматург Дзіяна Балыка расказала пра званок з Міністэрства культуры ў 2020 годзе: тады ў размове яна падтрымала актораў, што ўдзельнічалі у пратэстах, і цяпер піша п’есы ў стол. Андрэй Бардухаеў-Арол згадаў самыя страшныя для яго з жонкай дні ў жыцці, калі іхняга сярэдняга сына затрымалі ў Беларусі, прапанаваўшы пры гэтым запісаць відэазварот да бацькоў. Пасля сын эвакуяваўся за мяжу.

Святлана Зелянкоўская ўспомніла, як яе запрасілі да старшыні парламента падакараць за выказванні ў інтэрв’ю ў абарону беларускамоўных школ, маўляў, яна расчаравала прэзідэнта, і па выніку прапанавалі ладзіць «творчыя вечары» ў лазнях. Гэтая гісторыя мела месца ў 2004 годзе пасля прэм’еры фільма «Анастасія Слуцкая», дзе Святлана сыграла галоўную ролю.

«Мы стараліся не прагаворваць маналогі падчас рэпетыцый, каб яны былі больш жывымі і шчырымі, і мне дапамагло тое, што ў спектаклі перад маім маналогам мне выліваюць віно ў твар, — дзеліцца акторка пасля прэм’еры. — Я адчула тыя прыніжанасць і агіду, якія панавалі мной на той сустрэчы. Цяжка было вытрымаць напружанне, усё-ткі калі мы выконваем ролю, мы прыкрываемся шчытом, быццам гэта не мы, як бы адступаем у персанажа. І я была вельмі ўзрушаная астатнімі гісторыямі, яны трапілі мне ў сэрца. Спадзяюся, і мая гісторыя трапіла ў сэрца гледачам».

Дэмакратыя ў тэатры

У дадатак да таго, што ў казцы-прытчы самой па сабе чытаецца багата алюзіяў на беларускую рэчаіснасць, аўтары яшчэ больш актуалізавалі гісторыю, дадаўшы ў яе добра распазнавальныя элементы. Зала рэагавала на словы «ну проста краіна для жыцця» або «кароль бегаў вакол сваёй рэзідэнцыі, спадзяюся, без аўтамата», а таксама пасмейвалася на жартах з кнігі Арлова пра гракоў, якія баяцца, што іх саб’юць на мяжы з зенітак, або звароты на «ты» караля да сваіх падданых.

«Мая ідэя была ў тым, каб пагаварыць па душах пра сённяшнія дзень, — кажа Уладзімір Ушакоў. — Мне была патрэбная актуальная п’еса, размова, адказ на пытанне, што мы думаем зараз і чаго чакаем ад будучыні, а не канстатацыя чагосьці. Я, напэўна, ужо не змагу нічога ставіць з іншым падыходам, бо не бачу сэнсу. Сучасная беларуская драма, мне падаецца, спынілася, бо ў большасці апавядае пра падзеі, якія прайшлі. А я думаю, тэатр павінен ісці наперад».

Выканальнікі роляў для Уладзіміра Ушакова сталі суаўтарамі пастаноўкі. Імаверна, гісторыі, якія акторы апавядаюць са сцэны, будуць розныя ад спектакля да спектакля. Ігар Сігоў у сваім маналогу напрыканцы паразважаў пра зроблены ў 2020 годзе выбар, які шмат чаго яго пазбавіў, але, прынамсі, дазваляе жыць з адчуваннем правільнага ўчынку.

«Мне цікавая дэмакратыя ўнутры тэатра, мне цікава даць артысту максімум свабоды, — працягвае рэжысёр. — Я вельмі моцна «адпусціў» і даў магчымасць акторам выказваць свае варыянты эцюдаў альбо нават п’есы. Для мяне гэта важна і здорава, што актор можа не толькі расказваць фрагмент свайго бэкграгнду, але і намагацца ўсвядоміць час і сябе».

Спектакль завяршыўся відэа-генерацыямі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і Уладзіміра Арлова, якія нібы прамаўлялі да беларусаў. Як прынята ў беларускім тэатры, апладзіравалі стоячы. Сачыць за раскладам спектакля можна на яго старонках у Facebook і Instagram.

Deutsche Welle

Вам также может понравиться

Ещё статьи из рубрики => Deutsche Welle